УРА́НАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для прамысл. здабычы урану. Вядома больш за 100 мінералаў, якія змяшчаюць уран. Найб. важныя з іх — уранініт, уранавая смолка, уранавая чэрнь, кафініт, бранерыт, уранафан, атэніт, тарберніт і інш. Звычайна У.р. комплексныя. Вылучаюць уласна уранавыя, уранаполіметал, медна-уранавыя, урана-ванадыевыя, золата-уранавыя, урана-торыевыя руды і інш. Адрозніваюць супербагатыя (больш за 0,3% U), багатыя (0,1—0,3%), радавыя (0,05—0,1%), убогія (0,03—0,05%) і забалансавыя (0,01—0,03%). Па паходжанні падзяляюцца на асадкавыя, інфільтрацыйныя (экзагенныя эпігенетычныя), гідратэрмальныя, магматагенныя і постмагматагенныя. Радовішчы ў Расіі, Германіі, Францыі, Канадзе, ЗША, Аўстраліі і інш.
т. 16, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)